3D-праектаванне: рэаліі сённяшняга дня

ng133 top"Настаўнiцкая газета" №133 от 12.11.2015

Уводны майстар-клас па 3D-мадэляванню арганізаваў для навучэнцаў школ, гімназій і каледжаў абласнога цэнтра Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт.

nast logo

Практыка паказвае, што будучыя абітурыенты пры выбары прафесіі ў большасці выпадкаў арыентуюцца на папулярныя спецыяльнасці – пераважна тыя, якія ў грамадскай свядомасці маюць рэйтынг высокааплочваемых. Акрамя таго, выбар за выпускніка нярэдка робяць яго бацькі. Атрымліваецца, што асабістыя інтарэсы і схільнасці маладога чалавека ўлічваюцца ледзь ці не ў апошнюю чаргу. Між тым менавіта яны маюць фундаментальнае значэнне ў падрыхтоўцы матываванага на поспех спецыяліста. І справа нават не ў залішняй меркантыльнасці сучаснай моладзі: вытокі праблемы трэба шукаць у недастатковай інфармаванасці.

Памер зарплаты – пытанне адноснае, бо добрыя інжынеры і тэхнолагі зарабляюць больш за эканамістаў, – расказвае дырэктар Навукова-тэхналагічнага парка ВДТУ Канстанцін Мацвееў. – Такую практыку, напрыклад, маюць нашы рэзідэнты, якія займаюцца механаапрацоўкай. У нашым навукова-тэхналагічным парку памер заробку інжынераў у разы перавышае сярэдні па краіне. На жаль, у асяроддзі абітурыентаў на слыху толькі эканамісты, юрысты і праграмісты. Але, каб у эканаміста была работа, на прадпрыемстве усё ж павіненны быць спецыялісты з тэхнічнай адукацыяй, таму асноўная мэта семінара, які мы праводзім – не столькі навучыць, колькі праінфармаваць і зацікавіць, паказаць магчымасці 3D-мадэлявання і перспектывы, якія яно раскрывае перад сучаснымі інжынерамі.

Папярэднія аналагічныя семінары ўніверсітэт арганізоўваў разам з кампаніяй “АСКОН-Бел”, прадстаўнікі якой дэманстравалі свой праграмны прадукт. Для ўстаноў адукацыі ён бясплатны, ёсць зручная версія і для дамашняга карыстання. Дабрачыннасць, між тым, добра ўзважаная: кампанія зацікаўлена, каб іх праграмамі карысталася як мага больш людзей – гэта істотна павялічвае попыт на праграмныя прадукты, разлічаныя на прафесіяналаў.

Вяртаючыся да семінара: першае, што ўразіла – колькасць удзельнікаў. Жадаючых пазнаёміцца з інструментарыем сучаснага інжынера было заяўлена ў паўтара разу больш, чым на ранейшае падобнае мерапрыемства. А прыйшло удвая больш, чым было пазначана ў заяўках: больш за 100 чалавек.

Імкліва мяняюцца тэхналогіі, у тым ліку адукацыйныя. Сёння фактычна ўсе – не толькі інжынеры – бачаць, што 3D-праектаванне і 3D-друк вельмі запатрабаваныя, – адзначае Канстанцін Сяргеевіч. – Ідзе шырокая рэклама, у тым ліку таго ж 3D-друку. Нярэдка яна вельмі некарэктная: відаць, таму, што яе рэдка робяць спецыялісты ў сваёй сферы. Прафесіяналізму крыху не хапае, і мы імкнёмся яго дабавіць. Падчас семінару расказваем навучэнцам пра работу навукова-тэхналагічнага парка і спецыяльнасці, па якіх можна атрымаць вышэйшую адукацыю ў нашым універсітэце. Таксама ў рэжыме рэальнага часу паказваем працэс пабудовы 3D-мадэлі і яе друку на 3D-прынтары.

Тэхналогіі 3D-праектавання ўніверсітэцкія кафедры разам з навукова-тэхналагічным паркам актыўна прапагандуюць больш за 15 гадоў. Ёсць пэўныя дасягненні па ўсіх напрамках, у тым ліку ў спаборніцтвах высокага ўзроўню. У прыватнасці, студэнты ВДТУ рэгулярна становяцца пераможцамі і прызёрамі прэстыжнага Міжнароднага конкурсу “Будучыя Асы КАМП’ютарнага 3D-мадэлявання”, а сёлета навукова-тэхналагічны парк атрымаў пераканаўчую перамогу ў конкурсе прафесіяналаў “Асы КАМП’ютарнага 3D-мадэлявання”.

З нагляднай дэманстрацыі поспехаў студэнтаў, магістрантаў, выкладчыкаў універсітэта і пачаўся семінар. Ва ўрачыстай абстаноўцы перад будучымі студэнтамі сёлетнім пераможцам і прызёрам конкурсу ўручылі дыпломы і прызы. Яны, дарэчы, немалыя – было чаму зайздросціць, будзе да чаго імкнуцца.

 

ng133 2

Кампанія АСКОН штогод арганізуе конкурс па 3D-мадэляванні ў дзвюх намінацыях, – тлумачыць старшы выкладчык кафедры машын і тэхналогій высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі ВДТУ Аляксей Голубеў. – У першай могуць удзельнічаць толькі прадпраемствы, і гэта спаборніцтва лідараў галіны, прызнаных асаў з Расіі, Беларусі, Украіны і Казахстана. Яны прадстаўляюць вельмі сур’ёзныя распрацоўкі – ад тарпедных апаратаў і ракет да прамысловых цэхаў, заводаў. Адначасова праводзіцца конкурс “Будучыя Асы КАМП’ютарнага 3D-мадэлявання”, арыентаваны на навучэнцаў і студэнтаў.

Зрэшты, ўзрост тут строга не абмяжоўваецца: напрыклад, сёлета сваю мадэль дэманстраваў пяцігадовы хлопчык. Мадэлі рэгулярна прадстаўляюць школьнікі, навучэнцы каледжаў, студэнты. Крыўдна, што ад Беларусі на ўзроўні агульнай сярэдняй і сярэдняй спецыяльнай адукацыі практычна ніхто не ўдзельнічае (колішняя гучная перамога аршанскіх школьнікаў хутчэй выключэнне, што пацвярджае правіла).

Але хіба ў беларусаў няма адпаведных напрацовак або ніхто нічога падобнага не здольны зрабіць? Ці проста боязна выставіць свае работы на суд асаў? Атрымліваецца, што з-за такой сціпласці і нерашучасці настаўнікаў (магчыма, што і з-за нежадання прыкладаць намаганні, працаваць на высокі вынік) тэхнічна адораныя навучэнцы страчваюць магчымасць выдатнага прафесійнага старту.

Наша мэта – пераадолець такія адносіны, паказаць, што асвоіць 3D-праектаванне можа кожны (гэта не так складана), запрасіць вучыцца і працаваць разам, – дадае Аляксей Голубеў. – У першым квартале наступнага года збіраемся правесці конкурс-алімпіяду сярод навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Аналагічную алімпіяду ўніверсітэт праводзіў у пазамінулым годзе, у мінулым на нашай базе адбыўся рэгіянальны этап студэнцкай алімпіяды па САПР-праектаванні CAD-Olymp-2014. Аднак наша задача – аб’яднаць, сабраць разам не толькі студэнтаў, але і як мага больш тых, хто зацікавіўся 3D-мадэляваннем. Узровень падрыхтоўкі ў нас даволі высокі, што могуць пацвердзіць выпускнікі ВДТУ, якія працуюць на прадпрыемствах.

Безумоўна, першаснае ў гэтай галіне – стварэнне 3D-мадэлі. Калі раней чарцёж выконваўся на кульмане, то зараз праекціроўшчык ідзе ад лічбавай мадэлі вырабу.

Паняцце плоскага чарцяжа ў прамысловай вытворчасці адыходзіць у мінулае, – працягвае гутарку Канстанцін Мацвееў. – Гэта значыць, практычна ва ўсіх сферах – машынабудаванні, абутковай і швейнай прамысловасці, дызайне – паўсюдна работу пачынаюць з праектавання 3D-мадэлі і ўжо далей па ёй атрымліваюць чарцёж у механіцы, разгортку ў абутковай і швейнай вытворчасці. Дзякуючы гэтаму значна скарачаецца час праектавання; там, дзе раней патрабаваліся вялікія канструктарскія бюро па 50-100 чалавек, з той жа работай спраўляюцца 20 спецыялістаў. Развіваюцца тэхналогіі прататыпавання, якія маюць на ўвазе стварэнне спачатку 3D-мадэлі, затым узору , для чаго часцей за ўсё выкарыстоўваецца 3D-прынтар. Тэхналогіі друку зараз істотна ўдасканальваюцца, хаця гэта пакуль даволі дарага, асабліва калі трэба раздрукаваць выраб, прызначаны для далейшай эксплуатацыі. Макеты, узоры больш танныя, і выканаць іх у прынцыпе нескладана.

 

ng133 1

 

Атрыманне 3D-мадэлі дазваляе ўжо на стадыі праектавання ацаніць усе нюансы вырабу і ўбачыць пралікі канструктара. Адпаведна, можна пазбегнуць выдаткаў на выпраўленне памылак, таму, хоць тэхналогіі, здавалася б, дарагія, іх запатрабаванасць расце. Гэта пацвярджае і прыклад навукова-тэхналагічнага парка ВДТУ, які займаецца рэінжынірынгавымі работамі: за апошнія паўгода колькасць заказаў на 3D-друк і сканіраванне вырабаў на парадак павялічылася. Нярэдка пасля стварэння мадэлі заказчык просіць друк макета. Такі макет можа прадстаўляцца на выставе, а выкананы з палімеру – эксплуатавацца далей, ён цалкам функцыянальны.

Яшчэ адна перавага 3D-мадэлявання: канструктар пасля праектавання мадэлі можа адсняць відэаролік пра тое, як устаноўка будзе працаваць далей. Візуалізацыя можа паказаць, як яна павінна разбірацца і збірацца, а таксама дапамагчы стварыць інтэрактыўную інструкцыю па эксплуатацыі абсталявання. Буйныя замежныя фірмы, якія выпускаюць, напрыклад, бытавую тэхніку, зараз так і робяць: прапаноўваюць пакупніку інфармацыю аб прадукце, усіх этапах і рэжымах яго выкарыстання на дыску. Такая ж мэта і ў каманды ВДТУ – навучыць інжынераў не проста праектаваць, але і рэкламаваць свой прадукт.

На семінары мы імкнемся зацікавіць навучэнцаў, бо практыка паказвае: да пятага курса студэнты ўжо ўмеюць выконваць паўнацэнныя канструктарскія распрацоўкі, – каменціруе Канстантін Мацвееў. – Выпускнікі літаральна з першага дня могуць працаваць на пасадзе канструктара, тэрмін адаптацыі скарочаны да мінімуму.

Лагічным этапам вучэбнага семінара стала запрашэнне школьнікаў і навучэнцаў на факультатыў, што праводзіцца ва ўніверсітэце на бясплатнай аснове. Для выкладчыкаў у выпадку іх зацікаўленасці ёсць магчымасць арганізаваць курсы павышэння кваліфікацыі, па заканчэнні якіх выдаецца дыплом стандартнага ўзору. Дарэчы, гэтая прапанова запатрабаваная – у ВДТУ вучацца педагогі не толькі з Віцебска і вобласці, але і з Гродна, Гомеля.

   – На факультатыў прыходзяць школьнікі, зацікаўленыя ў тым, каб засвоіць адпаведныя праграмы, – тлумачыць Канстантін Мацвееў. – Яны арыентаваны на канструктараў, але ў нечым падобны да гульні: зразумеўшы іх логіку, асвоіўшы інструментарый, кожны чалавек можа ўдасканальваць веды і навыкі 3D-праектавання самастойна.Усе гэта так ці інакш спатрэбіцца яму для паспяховай самарэалізацыі. І не калі-небудзь заўтра ці паслязаўтра, а ў найбліжэйшы час.

 

Таццяна Бондарава

Фота аўтара

 Статья в формате PDF доступна на сайте Научно-технологического парка ВГТУ.