Тэхнапарк ВДТУ – АС КАПМ’ютэрнага 3D-мадэлявання

nast logo"Настаўнiцкая газета" №127 от 24.10.2015

У Санкт-Пецярбургу прайшоў ХIIІ конкурс АСаў КАМП'ютарнага 3D-мадэлявання сярод прафесіяналаў. За тытул сапраўднага АСа 3D-мадэлявання змагалася 31 прадпрыемства з Расіі, Казахстана, Беларусі і Украіны. Яны прадставілі 56 праектаў, якія ўяўляюць сабой закончаныя канструктарскія распрацоўкі. У намінацыі "Машынабудаванне" (катэгорыя да 999 дэталей у зборцы) "золата" ўзяў праект "Экструдар наплавачны" навукова-тэхналагічнага парка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Увасобленая ў метале канструктарская распрацоўка, якая ўжо амаль год працуе на віцебскім прадпрыемстве "Марка", выканана пад кіраўніцтвам намесніка дырэктара Тэхнапарка ВДТУ Аляксандра Новікава. Заваяваная перамога з'яўляецца сведчаннем высокага прафесійнага ўзроўню, на якім супрацоўнікі тэхнапарка выконваюць інжынірынгавыя распрацоўкі па заказах прамысловых прадпрыемстваў.

Цікава, што аўтары праекта Юрый Броўка і Антон Мацвееў - яшчэ нядаўнія студэнты ўніверсітэта, у час вучобы ўжо станавйіся пераможцамі студэнцкага спаборніцтва канструктарскага майстэрства. У 2012 годзе Юрый Броўка стаў самым лепшым у напрамку "Прыкладная распрацоўка ў КОМПАС-3D". Антон Мацвееў у 2013 годзе атрымаў 2-е месца ў катэгорыі да 200 дэталей у зборцы, а ў бягучым годзе стаў бронзавым прызёрам у катэгорыі звыш 1000 дэталей у зборцы.

Але поспех маладых канструктараў быў бы немагчымы без той прафесійнай падрыхтоўкі, якую яны атрымалі, калі былі студэнтамі Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Шматгадовае супрацоўніцтва з кампаніяй АСКОН дазваляе выкладчыкам універсітэта пастаянна павышаць сваё прафесійнае майстэрства і дзяліцца ім са студэнтамі. У выніку дыпламаваныя спецыялісты - выпускнікі ўніверсітэта ўжо некалькі гадоў запар заваёўваюць прызы ў розных намінацыях - конкурсу "Будучыя АСы КАМП'ютарнага 3D-мадэлявання", а перамога маладых канструктараў у прафесійным конкурсе стала дадатковым пацвярджэннем якасці іх падрыхтоўкі.

Журы конкурсу асабліва адзначыла праект як акадэмічна правільна выкананую канструктарскую распрацоўку і назвала яе ўзорна-паказальнай, звярнуўшы ўвагу на абсалютную дакладнасць выканання кожнай дэталі і зборкі.


Канстанцін МАЦВЕЕЎ, дырэктар Навукова-тэхналагічнага парка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

Прочитать статью в PDF