Талент, веды, майстэрства

nast logo"Настаўнiцкая газета" №122 от 13.10.2015

Студэнты Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта зноў у ліку прызёраў маладзёжнага інжынернага конкурсу.

Вынікі    міжнароднага    конкурсу "Будучыя асы камп'ютарнага 3D-мадэлявання" традыцыйна падводзяцца ў Санкт-Пецярбургу напярэдадні прафесійнага свята - Дня машынабудаўніка, якое адзначаецца ў апошнюю нядзелю верасня. Конкурс арганізуе расійская кампанія АСКОН, якая з'яўляецца распрацоўшчыкам праграмных прадуктаў для аўтаматызацыі інжынернай дзейнасці, найбольш вядомы з якіх - сістэма аўтаматызаванага праектавання КОМПАС-3D. Студэнты і школьнікі, якія захапляюцца тэхнічным 3D-мадэляваннем, прадстаўляюць у журы трохмерныя мадэлі, зборкі і чарцяжы спраектаваных вырабаў, тэхналагічныя працэсы іх вытворчасці і нават уласнаручна распрацаваныя прыкладныя дадаткі.

13-ты па ліку конкурс, які завяршыўся сёлета, атрымаўся вельмі прадстаўнічым і сабраў праекты 223 удзельнікаў з Расіі, Беларусі, Украіны і іншых краін блізкага замежжа. Пяцікурснікі ВДТУ - выпускнікі кафедры "Машыны і тэхналогіі высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкі" прадставілі свае дыпломныя праекты. Тры работы атрымалі высокую ацэнку экспертнай камісіі і занялі прызавыя месцы ў сваіх намінацыях.

Уладзіміру    Падалінскаму, які падрыхтаваў праект "Паўаўтамат экструзійнай зваркі для вытворчасці спіральнавітых пліт", экспертная камісія аддала 2-е месца ў "цяжкай вагавой катэгорыі" - так прынята называць намінацыю для вырабаў,  якія налічваюць больш за 1000 дэталяў. Цікава, што ўстаноўка была выканана па матэрыялах практыкі аўтара на віцебскім прадпрыемстве "Палімерканструкцыя". З яе дапамогай можна вырабляць буйнагабарытныя дэталі палімерных калодзежаў, рэзервуараў, кантэйнераў. А 3-е месца ў той жа "цяжкай" катэгорыі атрымаў праект Антона Мацвеева "Устаноўка для вызначэння ўдарнай трываласці падноскаў ахоўнага абутку". У "сярэдняй вагавой катэгорыі" з колькасцю дэталяў ад 200 да 1000 таксама 3-е месца заняў праект Сяргея Маскалёва "Устаноўка для вызначэння каэфіцыента трэння слізгання матэрыялаў нізу спецыяльнага абутку". Абодва праекты - унікальныя распрацоўкі, прызначаныя для выкарыстання ў выпрабавальным цэнтры нашага ўніверсітэта.

Поспех студэнтаў ВДТУ ў конкурсе зусім не выпадковы - у мінулым годзе, у рамках фінальнай часткі маскоўскай інжынернай алімпіяды CAD-Olymp 2014, усе трое паспяхова прайшлі сертыфікацыю, якая пацвярджае высокі ўзровень валодання КОМПАС-3D, і годна прадставілі родную ВНУ на гэтых прэстыжных спаборніцтвах. Асобна варта адзначыць, што высокую ацэнку атрымалі не адцягненыя работы "пад конкурс", а дыпломныя праекты, якія маюць рэальную практычную значнасць. Дарэчы, адзін з прызёраў конкурсу, Антон Мацвееў, цяпер ужо стажор малодшага навуковага супрацоўніка Тэхнапарка ВДТУ. Ён з'яўляецца суаўтарам некалькіх праектаў у аналагічным "дарослым" конкурсе канструктараў, вынікі якога пакуль толькi падводзяцца. З кожным годам у конкурсе ўсё больш актыўна ўдзельнічаюць школьнікі - вядома, у сваіх спецыяльных намінацыях. І калі для стyдэнтаў такія конкурсы і алімпіяды - найперш праверка сваіх інжынерных ведаў і шанс звярнуць на сябе ўвагу прафесіяналаў, то для малодшых хлопчыкаў і дзяўчынак, якія яшчэ толькі задумваюцца аб выбары будучай прафесіі, вывучэнне асноў 3D-мадэлявання - выдатная магчымасць раскрыць свой талент, набыць пачатковыя тэхнічныя веды і навыкі ды і проста правесці вольны час цікава і карысна. У дні школьных восеньскіх канікул Віцебскі дзяржаўны тэхналагічны ўніверсітэт сумесна з Навукова-тэхналагічным паркам ВДТУ плануе правесці дэманстрацыйны семінар з "жывым" паказам асноў тэхнічнага 3D-мадэлявання, пасля заканчэння якога можна будзе запісацца на наведванне факультатыву. Будзем рады бачыць на семінары навучэнцаў школ, ліцэяў і каледжаў, а таксама іх настаўнікаў і выкладчыкаў.

Аляксей ГОЛУБЕЎ, старшы выкладчык Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.

 

Прочитать статью в PDF