Вiцебск: сучасныя падыходы ў падрыхтоўцы iнжынераў

nast logo"Настаўнiцкая газета" №32 от 17.03.2015

Здаецца, яшчэ зусім нядаўна, узгадваючы працу інжынера, мы адразу ўяўлялі сабе аловак, гумку ды кульман. Але “алоўкавая эпоха” засталася ў мінулым, і зараз галоўнымі прафесійнымі інструментамі канструктараў сталі камп'ютарныя сістэмы аўтаматызаванага праектавання (САПР).

moskalevВядома, сучасны інжынер, як і раней, павінен быць спецыялістам у сваёй сферы і ўпэўнена карыстацца наборам традыцыйных прафесійных ведаў: умець канструяваць абсталяванне, ведаць асаблівасці тэхналагічных працэсаў, быць у курсе найноўшых дасягненняў навукі і тэхнікі. Але не менш важна ўмець рэалізаваць, аформіць і належным чынам прадставіць сваю канструктарскую ідэю з прымяненнем сучасных падыходаў да праектавання.

Для інжынера-канструктара вельмі важна ўпэўнена валодаць навыкамі 3D-мадэлявання. Шырока вядомы перавагі, якія дае трохмерны прынцып праектавання: нагляднасць, памяншэнне колькасці памылак, аўтаматызацыя атрымання чарцяжоў і скарачэнне тэрмінаў праектавання, магчымасць прадставіць заказчыку або спажыўцу эфектную фотарэалістычную мадэль або анімацыйны відэаролік работы той ці іншай прылады. Такім чынам, калі выпускнік інжынернай спецыяльнасці выходзіць са сцен універсітэта, ужо маючы добры вопыт работы з САПР, яго канкурэнтаздольнасць на рынку працы прыкметна вышэйшая.matv tum

Нядаўна нашы студэнты паспяхова выступілі ў завочным туры Міжнароднай студэнцкай алімпіяды “Вектар 3D + графіка”, якая адбылася ў канцы мінулага года ў Магнітагорску (Расійская Федэрацыя) і была прысвеча- на інжынернаму камп'ютарнаму 3D-мадэляванню. Алімпіяда была арганізава- на Магнітагорскім дзяржаўным тэхнічным універсітэтам імя Г.І.Носава. Паралельна з вочнымі спаборніцтвамі адбыўся завочны тур алімпіяды, з атрыманнем заданняў і адпраўкай гатовых рашэнняў па электроннай пошце. Большасць намінацый алімпіяды (чатыры з шасці) была звязана з інжынерным 3D-мадэляваннем, канструяваннем і разлікам дэталяў і зборачных вузлоў у адной з сістэм аўтаматызаванага праектавання на выбар - “КОМПАС-3D” або Autodesk Іnventor. Прапаноўваліся таксама і творчыя заданні па 3D-мадэляванні, графічным дызайне і стварэнні віртуальнай рэальнасці. Увогуле, уключаючы вочны і завочны тур, у намінацыях алімпіяды спаборнічалі больш за сто студэнтаў з Масквы, Екацярынбурга, Наватроіцка, Магнітагорска, Міас, Віцебска, Вінніцы, Кастаная. Хочацца яшчэ раз павіншаваць з паспяховым выступленнем у завочным туры алімпіяды студэнтаў 5 курса Юрыя Туманава, Сяргея Маскалёва, Антона Мацвеева (1, 2 і 4 месцы ў намінацыі "Канструяванне вузлоў і дэталяў машын”), а таксама чацвёртакурсніка Шахабідзіна Ашурава, які заняў 3 месца ў намінацыі “Мадэляванне зборачных вузлоў”.

ashurovУзнагароды магнітагорскай алімпіяды не першыя ў скарбонцы студэнтаў спецыяльнасці “Абсталяванне i тэхналогii высокаэфектыўных працэсаў апрацоўкi” механiка-тэхналагiчнага факультэта нашага унiверсiтэта. Так, раней прадстаўнiкi ВДТУ неаднаразова станавiлiся прызёрамi i пераможцамi такiх прэстыжных маладзёжных спаборнiцтваў з удзельнiкамi з краiн СНД, як алiмпiяда CAD-OLYMP (Масква), конкурс Будучыя асы камп'ютарнага 3D-мадэлявання(Санкт-Пецярбург), алiмпiяда САПР i камп'ютарнае мадэляванне ў машынабудаваннi” (Хмяльнiцкi).

У заключэнне адзначым, што з мiнулага года наш унiверсiтэт пачаў набор на новую спецыяльнасць Аўтаматызацыя тэхналагiчных працэсаў i вытворчасцей (машынабудаванне i прыборабудаванне)”, у вучэбных планах якой якраз прадугледжана больш паглыбленае вывучэнне сучасных камп'ютарных методык праектавання. Запрашаем да нас будучых абiтурыентаў i спадзяёмся, што новыя пакаленнi студэнтаў памножаць слаўныя дасягненнi вiцебскай iнжынернай школы.

Аляксей Голубеў,

старшы выкладчык Вiцебскага дзяржаўнага

тэхналагiчнага унiверсiтэта.